МЕМБРА́ННАЯ ТЭО́РЫЯ ЎЗБУДЖЭ́ННЯ ў фізіялогіі, тэорыя ўзбуджэння мышачных і нервовых клетак. Асн. яе палажэнні сфармуляваны ням. нейрафізіёлагам Ю.Бернштэйнам (1902). Паводле гэтай тэорыі пры раздражненні ўзбудлівай клеткі ў яе вонкавай мембране адбываецца малекулярная перабудова, што вядзе да змены пранікальнасці мембраны і з’яўлення трансмембранных іонных токаў. Крыніца энергіі гэтых токаў — нераўнамернае размеркаванне асн. неарган. іонаў (іонны градыент) паміж цытаплазмай і пазаклетачным асяроддзем, якое абумоўлівае ўзнікненне рознасці эл. патэнцыялаў. Гл. таксама Біяэлектрычныя патэнцыялы, Іонная тэорыя ўзбуджэння.
Літ.:
Ходоров Б.И. Проблема возбудимости. Л., 1969;
Скулачев В.П. Энергетика биологических мембран. М., 1989.
т. 10, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)